Гайд па Вясне. 10 слайдаў пра працу беларускіх праваабаронцаў

каляндар

Штодзённая праца праваабаронцаў у Беларусі часта нагадвае надзвычайную службу кшталту «Хуткай дапамогі», аднак у такім рытме мы не толькі захоўваем трываласць, але і развіваемся.

Тысячы людзей за 20 год працы Праваабарончага цэнтру «Вясна» атрымалі аператыўную юрыдычную, прававую ды іншую дапамогу, журналісты і эксперты карыстаюцца аналітычнымі матэрыяламі нашых юрыстаў. «Вясна» працуе як шырокая праваабарончая плынь.

Гэты гайд распавядае пра самыя важныя часткі нашай дзейнасці на сёння.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў Беларусі

«Вясна» з 1996 года садзейнічае фармаванню ў беларускіх грамадзян павагі да правоў чалавека. Аказвае дапамогу тым, чые правы былі парушаны.

ПЦ «Вясна» з’яўляецца некамерцыйным грамадскім аб’яднаннем, дзейнасць якога будуецца на дэмакратычных прынцыпах. Арганізацыя не прадстаўляе інтарэсы пэўных палітычных сіл.

Мы праводзім інфармацыйную, адукацыйную, аналітычную, міжнародную працу, а таксама непасрэдна працуем праз «Грамадскую прыёмную» з пацярпелымі ад дзеянняў улады людзьмі.

Каманда «Вясны» штодня аднаўляе кантэнт інфармацыйнага сайта spring96.org, паведамленні «Вясны» з’яўляюцца крыніцай для іншых беларускіх і замежных медыяў. Арганізацыя таксама прадстаўлена ў сацыяльных сетках, здымае відэаролікі, дакументальныя стужкі, мультфільмы. “Вясна” у супрацоўніцтве з медыйным парталам “Тузін гітоў” рэалізавала буйны музычны анлайн-праект “Апошні золак” за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.
«Вясна» рыхтуе і выдае кнігі, брашуры, буклеты на розныя тэмы, датычныя правоў чалавека, а таксама прысвечаныя канкрэтным буйным кампаніям. Арыгінальная серыя мастацкіх работ “Дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы” надрукавана ў выглядзе камплекта паштовак. Выдадзены «Вясной» «Праваабарончы каляндар» распавядае пра самыя важныя даты, звязаныя са станаўленнем, развіццём і абаронай правоў чалавека.
ПЦ «Вясна» вядзе маніторынг правоў чалавека ў Беларусі і выпускае агляды-хронікі стану правоў чалавека штомесяц і па выніках года. Таксама юрысты-эксперты “Вясны” праводзяць аналіз дзеючага заканадаўства, бо не ўсе замацаваныя нормы адпавядаюць асноўным прынцыпам правоў чалавека і часам маюць дыскрымінацыйны характар. Напрыклад, артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі – дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Праваабаронцы «Вясны» актыўна прымаюць удзел у місіях у складзе міжнародных арганізацый, рыхтуюць альтэрнатыўныя даклады ў Камітэты па правах чалавека ААН, Універсальны перыядычны агляд (УПА) і займаюцца іх лобінгам.
Летнія школы па правах чалавека ў Вільні ўжо наведалі сотні маладых беларусаў. У межах праграмы ўдзельнікі знаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, а таксама метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Эксперты «Вясны» таксама прымаюць удзел у іншых семінарах на праваабарончыя тэмы.

Чаму важна абараняць правы чалавека

Правы чалавека павінны быць абароненыя законам. Абарона правоў чалавека і асноўных свабодаў – гэта абавязак дзяржавы, незалежна ад яе палітычнай, эканамічнай і культурнай сістэмы.

Але ідэальных краін няма, і правы чалавека парушаюцца ў той ці іншай ступені на ўсёй планеце. На жаль, у Беларусі механізмы іх абароны не забяспечваюцца дзяржавай належным чынам.

Актывісты розных краін аб'ядноўваюцца ў недзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі, каб абараняць правы чалавека негвалтоўнымі дзеяннямі.

ПЦ «Вясна» дзейнічае ў Беларусі з вясны 1996 года і з 2004 з’яўляецца асацыяваным сябрам Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (FIDH), якая сёння аб’ядноўвае амаль 200 праваабарончых арганізацый з 130 краінаў свету на 5 кантынентах.

Праваабаронцы

Лёгка заблытацца ў тэрмінах праваабаронцы і праваахоўнікі, але гэта зусім розныя людзі. Праваабаронцы абараняюць правы чалавека, а пад тэрмінам праваахоўнікі часцей за ўсё разумеюць міліцыю, пракуратуру і сумежныя структуры, якія створаныя дзяржавай і прадстаўляюць яе інтарэсы, каб ахоўваць «пра́ва», гэта значыць законы ды іх выкананне грамадзянамі.

Праваахоўнікі

Згодна Канстытуцыі Беларусі, дзяржава і яе структуры абавязаныя абараняць правы чалавека, але на практыцы часта бывае, што інтарэсы дзяржавы ці асабістыя інтарэсы чыноўнікаў ставяцца «праваахоўнікамі» вышэй за правы канкрэтнага чалавека альбо супольнасці людзей. Такія выпадкі з'яўляюцца важным полем дзейнасці для праваабаронцаў.

Хто можа звярнуцца ў «Грамадскую прыёмную»

Праваабаронцы «Вясны» аказваюць юрыдычную ды іншую дапамогу жыхарам Беларусі, што пацярпелі ў канфліктах паміж грамадзянінам і дзяржавай, у выніку чаго былі парушаныя правы чалавека. Спецыфікай “Вясны” з’яўляецца абарона грамадзянскіх і палітычных правоў, якія згодна Канстытуцыі краіны гарантаваны дзяржавай.

Скажы НЕ смяротнаму пакаранню

Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне.

Праваабаронцы ладзяць кампанію супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Праваабаронцы за свабодныя выбары

  • Праваабаронцы за свабодныя выбары
  • Праваабаронцы за свабодныя выбары
  • Праваабаронцы за свабодныя выбары

Грамадская кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» праводзіцца ў Беларусі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Кампанія ставіць за мэту дэмакратычнае, сумленнае і празрыстае фармаванне ўлады ў Беларусі.

Незалежнае назіранне за выбарамі ладзіцца Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і «Беларускім Хельсінкскім Камітэтам». Мэтай кампаніі з’яўляецца ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках маніторынгу.

ПЦ “Вясна” адстойвае грамадзянскія і палітычныя правы чалавека. Пры гэтым праваабаронцы не ставяць сабе за мэту прыход да ўлады і не падтрымліваюць пэўныя палітычныя сілы, але адстойваюць права кожнага грамадзяніна ўдзельнічаць у выбарчым працэсе і абіраць прадстаўнікоў улады, якія будуць кіраваць краінай і ад яго імя.

Турмы

Правы людзей у месцах прымусовага ўтрымання (месцах несвабоды)

  • Турмы
  • Турмы

Эксперты ПЦ «Вясна» адсочваюць выпадкі парушэння правоў чалавека ў дачыненні да людзей, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай альбо адбываюць пакаранне. Асаблівая ўвага надаецца фактам бесчалавечнага абыходжання і ўжывання катаванняў. З 2012 года «Вясна» рыхтуе справаздачы па выніках маніторынгу.

Уся інфармацыя, датычная аналізу пенітэнцыярнага заканадаўства і маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання, публікуецца ў тэматычнай рубрыцы на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Месцы прымусовага ўтрымання маюць розныя назвы:

  • турмы,
  • калоніі,
  • СІЗА,

якія адносяцца да так званай пенітэнцыярнай сістэмы (дзяржаўнага інстытута, які забяспечвае выкананне крымінальных пакаранняў) і знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС,

а таксама

  • ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ),
  • лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП),
  • прыёмнікі-размеркавальнікі,
  • закрытыя навучальныя ўстановы,
  • псіхіятрычныя бальніцы,

якія падпарадкоўваюцца іншым дзяржаўным структурам – Міністэрству адукацыі, Міністэрству здароўя.

Сістэма месцаў несвабоды існуе па-за грамадскім кантролем. Месцы несвабоды адрозніваюцца па ўмовах утрымання людзей і абмежавання іх свабод.

Свабоду палітвязням!

Кампанія «Свабоду палітвязням!» заклікае спыніць палітычна-матываваны пераслед людзей у Беларусі, які, на жаль, стаў звыклым фактам.

Палітвязнямі праваабаронцы называюць людзей, якія ўзятыя пад варту (асуджаныя да пазбаўлення волі) у межах крымінальнай справы праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, без наяўнасці грамадска-небяспечнай дзеі, у тым ліку з парушэннямі нормаў беларускага і міжнароднага заканадаўства.

Праваабаронцамі «Вясны» створаны адмысловы сайт palitviazni.info, які распавядае пра самыя гучныя палітычныя справы ў найноўшай гісторыі Беларусі з 1989 году, а таксама пра тых людзей, якія падвергліся палітычна матываванаму пераследу. Спіс прозвішчаў набліжаецца да 200 асобаў, некаторыя з палітвязняў былі асуджаны і траплялі за краты не аднойчы.

У 2013 годзе міжнародная група праваабаронцаў распрацавала агульныя крытэрыі па вызначэнні і выкарыстанні паняцця «палітычны вязень», абапіраючыся на вопыт Савета Еўропы, міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» і нацыянальных праваабарончых арганізацый розных краін.

Вязнямі сумлення называюць тых палітвязняў, якія прызнаныя Amnesty International.

Улады Беларусі афіцыйна ніколі не прызнавалі наяўнасць у краіне асуджаных па палітычных прычынах людзей, аднак у выніку міжнароднага ціску ў розныя перыяды найноўшай гісторыі з турмаў Беларусі неаднаразова выпускалі асуджаных людзей, якіх праваабаронцы называлі палітвязнямі.

Старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі таксама не пазбег турэмнага зняволення. Па палітычна матываванай крымінальнай справе ён быў асуджаны 24.11.2011 на 4 з паловай гады, правёў за кратамі больш за 1000 дзён і быў нечакана вызвалены 22.06.2014.

З моманту арышта беларускага праваабаронцы-палітвязня Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой Алесь Бяляцкі з'яўляецца з 2007-га года, праводзіла шырокую грамадскую кампанію за ягонае вызваленне.

За час знаходжання ў турме Алеся Бяляцкага тройчы вылучалі прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.

Адным з самых масштабных прыкладаў палітычнага пераследу ў Беларусі стала затрыманне 19 снежня 2010 года 7 з 10 кандыдатаў ў прэзідэнты, агулам звыш 700 чалавек. Былі узбуджаныя дзве крымінальныя справы за ўдзел у акцыі пратэсту (арт. 293 – арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках; арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Як знайсці праваабаронцаў ПЦ «Вясна» ў маім горадзе?

Каб паведаміць пра незаконныя затрыманні ды іншы пераслед, звяртайцеся да мясцовых праваабаронцаў.